ПЯТРО́ЎШЧЫНСКІ ПАКА́З, Пятроўшчынскае прадстаўленне,

адна з першых пастановак на бел. мове, якая адбылася 20.4.1906 у б. маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска). Арганізатары А.​Бурбіс, А.​Уласаў, С.​Кукель і інш. Была пастаўлена камедыя М.​Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Да спектакля выпушчана рукапісная праграма, у якой пад псеўданімамі названы перакладчык (Апанас К.; дакладна не ўстаноўлена, гэта Н.​Чарноцкі ці Кукель) і выканаўцы [К.​Лявончык, Тодар Гус, Л.​Квач, А.​Каліна, Б.​Дзяргач (Бурбіс)]. Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў муз. суправаджэнні (цымбалы, скрыпка, бубен). Прагучалі таксама вершы Я.​Купалы «Што ты спіш?..», «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!» у выкананні Бурбіса.

В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)